У Менску адбылася акцыя салідарнасьці зь вязьнямі КДБ

30/01/2011

30 студзеня а 18-й гадзіне ля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ у Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя салідарнасьцім з палітычнымі вязьнямі. Да будынку КДБ выйшлі людзі з партрэтам Андрэя Саньнікава і надпісам "Свабоду Саньнікаву", а таксама з партрэтамі некаторых іншых зьняволеных, абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Міліцыя затрымала 7 чалавек.

19.00 Некаторы ўдзельнікі акцыі ад будынку КДБ скіраваліся да Чырвонага касьцёлу. Ля помніка "Арханёл Міхаіл перамагае злога" яны запалілі зьнічы і павязалі бел-чырвона-белую стужку. Прысутныя трымаюць у руках партрэты зьняволеных – Насты Палажанкі, Зьміцера Бародкі, Аляксандра Фядуты, Зьмітра Бандарэнкі, Эдуарда Лобава.

18:40 Акцыя перал будынкам КДБ скончылася.

18:30 Пад’ехаў аўтазак, пастаяў некалькі хвілінаў і ад’ехаў. На месцы засталіся ўдзельнікі акцыі і міліцыянты. Людзі пакрысе пачалі разыходзіцца.

18:00 Перад будынкам КДБ выйшлі людзі з партрэтам Андрэя Саньнікава і надпісам "Свабоду Саньнікаву", а таксама з партрэтамі некаторых іншых зьняволеных, абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Міліцыя затрымала 7 чалавек.

Сярод затрыманых: Максім Вінярскі, Паліна Кур’яновіч, Кацярына Людвіг, і, верагодна, жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая стаяла зь яго партрэтам.. Апэрацыяй кіруе палкоўнік Яўсееў.

Прыйшла маці аднаго зь вязьняў — Алена Ліхавід. Яе хацелі затрымаць, але людзі адбілі яе ў міліцыянтаў. Міліцыянты паводзяць сябе груба і папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.

Міліцыянты перашкаджаюць спробам людзей запаліць сьвечкі, кажучы, што гэта трэба рабіць у царкве ці на могілках. Таксама на месца акцыі прыгналі трактар для чысткі вуліцы. Тым ня менш застаецца некалькі дзясяткаў чалавек.

У турме КДБ сярод іншых знаходзяцца:
Андрэй Саньнікаў, былы кандыдат на прэзыдэнта;
Мікола Статкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта;
Аляксей Міхалевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта;
Зьміцер Бандарэнка;
Аляксандар Фядута;
Анатоль Лябедзька;
Сяргей Марцалеў;
Павал Севярынец;
Аляксандар Арастовіч;
Аляксандар Атрошчанкаў;
Наста Палажанка.

Мінулая акцыя салідарнасьці ля цэнтральнага будынку КДБ адбылася 19 студзеня.