20 траўня судзьдзя Жана Жукоўская агучыла прысуды былым кандыдатам на прэзыдэнта. Някляеву — 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады, Рымашэўскаму і Вазьняку — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна, Фядуту і Дзьмітрыеву — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Палажанцы — 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 1 год.
Аляксандар Фядута: «Дайце прыйсьці ў сябе. Я ледзь жывы чалавек. Мне трэба адпачыць. Калі адпачну, вярнуся — сустрэнемся з Уладзімерам Пракопавічам. Іншых кандыдатаў, зь якімі я буду працаваць у Беларусі, у мяне няма.
Беларускае грамадзтва толькі сёньня зьявілася, пасьля 19-га. Вось у гэтых чэргах у сьледчы ізалятар на Акрэсьціна. Разумееце, калі стаматоляг, у якога я лячу свае хворыя пасьля „амэрыканкі“ зубы, кажа, што празь некалькі дзён пасьля 19-га яны з дачкой селі ў машыну, паехалі паглядзелі, каму там не было ніякіх перадачаў, і прынесьлі перадачы тром людзям з шасьцісот арыштаваных, якія сядзелі ў той момант… Вы ведаеце, гэта выдатна, гэта грамадзянскі ўчынак».
Наста Палажанка: «Буду займацца актыўнай дзейнасьцю, актыўнай мабілізацыяй астатняй моладзі, перакананасьцю ў тым, што нельга баяцца. Як паказвае досьвед, і цяпер сапраўды Госпад ратуе, гэта мая другая крымінальная справа, я выходжу з залі суду ўжо другі раз, і я пераканана, што мушу дзейнічаць надалей.
Мой плян на гэты год — найдалей разьвіваць дзейнасьць „Маладога фронту“ і зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб мае сябры выйшлі на свабоду».
Сяргей Вазьняк: «Сёньняшні прысуд у дачыненьні да Някляева і нас паказаў, што і мірнымі акцыямі салідарнасьці можна дамагацца вынікаў. Зразумела, што каб не было акцыі салідарнасьці ўнутры краіны і за межамі, мы сядзелі б у турме. Гэта палітычны разьлік, бо жорсткія прысуды нэгатыўна адбіваюцца на краіне і на кіраўніцтве. Гэта ж відавочна, колькі праблемаў краіна атрымала пасьля таго, як 19 сьнежня таварышы генэралы і паўкоўнікі вырашылі памахаць дручкамі».
Андрэй Дзьмітрыеў: «Я не прымаю віншаваньняў з нагоды прысуду. Я лічу, што я невінаваты. Але, бачачы, што атрымліваюць іншыя, разумееш, што лепей быць на свабодзе. Але гэта несправядліва. І адчуваеш, што табой гуляюць. Гуляцьу гэтую гульню вельмі ня хочацца».
Віталь Рымашэўскі: «Было скаладана — і ў часе кампаніі, і ў турме КДБ, і пасьля вызваленьня. Але гэта досьвед. І я толькі больш упэўнены стаў у сваіх сілах. Больш упэўнены стаў у сябрах і паплечніках. Ведаеце, расчараваньняў шмат, але яны чаканыя.
Што зрабіць, каб людзі вышлі на волю? Палітычным лідэрам быць саліраднымі і сумленным, не загульвацца з гэтай уладай, пакуль ёсьць хоць адзін палітзьвяволены. Калі будзем ставіць жорсткія патрабаваньні да ўлады, людзі выйдуць на свабоду.
Гэтыя рэпрэсіі кагосьці зламалі, кагосьці падпарадкавалі, а кагосьці зрабілі мацнейшымі і лепшымі. Я сябе адношу да той катэгорыі, хто стаў іншым і мацнейшым. Я бачу свае памылкі, я бачу, што трэба выпраўляць, я упэўнены ў сваіх сілах».
Някляеў: «Калі б не было падтрымкі з боку ЗША і Эўразьвязу, то не стаяў бы я перад вамі зараз, а сядзеў бы ў «амэрыканцы » і адказваў бы на адно і тое ж пытаньне: «Якой краіны я шпіён?». Першае, што мы зьбіраемся рабіць — гэта дамагацца вызваленьня нашых сяброў. Нашае вызваленьне — вынік агульначалавечай салідарнасьці».
Радыё Свабода