Міліцыя затрымала ўдзельнікаў акцыі на Дзень салідарнасьці ў Менску. Падыходы да плошчы былі загадзя ачэпленыя.
19:45 Усіх затрыманых адпусьцілі.
18:30 Супрацоўнікі сілавых структур затрымалі актывістаў БХД Сяргея Анянкова і Аляксандра Ількевіча. Яны прымалі ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі на Кастрычніцкай плошчы Менску. Таксама затрымалі іх паплечнікаў Уладзімера Яроменку і Міхася Бутыліна.
18:15 На плошчу выйшлі чацьвёра актывістаў. Яны трымалі партрэты Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і Алега Сургана. Яны прастаялі каля пяці хвілінаў. Міліцыянты папярэдзілі, што акцыя іх незаконная, каб яны разыходзіліся. Актывісты засталіся стаяць. Тады пад’ехаў міліцэйскі аўтобус, спыніўся літаральна за сьпінамі ўдзельнікаў. Іх зацягнулі ў міліцэйскі аўтобус і адвезьлі ў пастарунак.
17:57 Падыходы да Кастрычніцкай плошчы ачэпленыя міліцыянтамі у цывільным. На падыходах яны затрымліваюць актывістаў. Перад 18-й гадзінай ля скрыжаваньня з вуліцай Леніна быў затрыманы Мікола Дземідзенка. Потым на плошчы затрымалі Алеся Чарнышова і актывіста Дзьмітрыя Кахаўца.
Радыё Свабода