У Беларусі штогод знаходзяць каля паўтысячы зьніклых людзей

30/08/2010

30 жніўня ў сьвеце адзначаюць дзень зьніклых бязь зьвестак. У Беларусі штогод знаходзяць каля паўтысячы раней зьніклых людзей. Чаму сярод іх няма Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага?

Ёсьць некалькі дзён ў годзе, калі да Ульляны Захаранкі, маці зьніклага ў 1999 годзе былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, абавязкова зьвяртаюцца журналісты. Дзень нараджэньня яе сына Юрыя, дзень ягонага зьнікненьня, і яшчэ 30 жніўня, калі ў сьвеце згадваюць пра ўсіх зьніклых бяз зьвестак. Ці ёсьць што новага ў справе, і як пачуваецца старая жанчына, якая засталася адна без дапамогі самых родных?

"Пішуць, што сьледзтва працягваюць, і ўсё. Казалі былі, што суд будзе, а каго яны судзіць будуць — сыру зямлю? Калісьці я чула па тэлевізары, як выступаў Лукашэнка і казаў, што ён ва ўсім вінаваты. А то казаў, што яны недзе за мяжой…Але каб Юра быў дзе за мяжой, дык узяў бы і як-небудзь, але даў бы ведаць, што: мамачка, я жывы. А так ужо 11 гадоў як няма".

Ульляна Захаранка ўжо некалькі гадоў не выходзіць з дому. "Усе мае хваробы з-за таго, што здарылася з сынам", — кажа жанчына.

Нагадаю, былы міністар унутраных спраў Юрый Захаранка, які перайшоў у апазыцыю, зьнік у траўні 1999 года: паводле сьведак, на вуліцы яго схапілі невядомыя. Менавіта з таго часу ў Беларусі загаварылі пра "эскадроны сьмерці" — адмысловыя аддзелы ў спэцслужбах, якія выконваюць замовы ўлады на зьнішчэньне апазыцыянэраў. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што ахвярамі "эскадронаў сьмерці" сталі таксама былы намесьнік старшыні Вярхоўнага савету Віктар Ганчар, прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Маці журналіста Вольга Завадзкая кажа, што яе ліставаньне са сьледчымі, што вялі справу сына, фактычна скончылася яшчэ два гады таму.

"Нічога не чуваць. Ужо два гады як напісалі з пракуратуры, што зьмянілася сьледчая група і быццам нейкія дзеяньні вядуцца. Нічога не было. Нават не паведамілі прозьвішчы тых, хто далей расьсьледуе справу і не патлумачылі, што за дзеяньні прадпрымаюць".

Праваабаронца Алег Воўчак удакладняе: справу аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага пракуратура прыпыніла амаль 2 гады таму, а расьсьледаваньне справы Юрыя Захаранкі апошнім разам працягвалася да 24 верасьня. Такія падаўжэньні расьсьледаваньня адбываюцца аўтаматычна, гэтак сама як і ў справе Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, зазначае Алег Воўчак.

Двойчы ў год у ААН праходзіць паседжаньне міжнароднай камісіі па нядобраахвотных зьнікненьнях. Афіцыйны Менск дасылае на гэтыя паседжаньні справаздачы, у якіх паведамляе пра тое, што расьсьледаваньні справаў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага працягваюцца. Сам былы сьледчы Алег Воўчак мяркуе, што гэтыя справы не даюць выніку, бо не закранаюць палітычных прычын. Між тым падстаў для актывізацыі сьледзтва дастаткова, мяркуе Алег Воўчак, які сам працаваў сьледчым пракуратуры.

"Вось пасьля паказу на расейскім тэлеканале “НТВ” фільму "Хросны бацька" — рэакцыі няма ніякай. Хаця там наўпрост казалася пра тых, хто датычны да зьнікненьняў у Беларусі. Нікога не выклікаюць на допыты, ніхто з вышэйшых службовых асобаў не ўдзельнічае ў сьледчых дзеяньнях".

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, у Беларусі штогод зьнікае болей за 700 чалавек, і болей за палову ад гэтай лічбы знаходзяць. Кіраўнік управы інфармацыі МУС Канстанцін Шалькевіч прывёў у якасьці прыкладу дадзеныя на 31 ліпеня гэтага году.

"Вось летась 754 чалавекі ўжо абвешчаныя ў вышук, і 433 знойдзена. Дакладней будзе сказаць, што высьветленае месца знаходжаньня чалавека, высьветлены ягоны лёс…"

Між тым, колькі ўсяго людзей з абвешчаных у вышук гэтак і ня знойдзена, у міліцыі не сказалі.