Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які прымае ўдзел у прадстаўнічай міжнароднай канферэнцыі ў Таліне.
Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная памяці першага прэзідэнта Эстоніі Ленарта Мэры, праходзіць у Таліне пад патранажам прэзідэнта Эстоніі Томаса Хенрыка Ілвеса. У канферэнцыі прымаюць удзел міністры замежных справаў краінаў Еўразвяза, высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі і вядучыя эксперты. Беларусь на гэтым прэстыжным форуме прадстаўляюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і кіраўнік ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.
Па словах Андрэя Саннікава, на канферэнцыі высветлілася, што афіцыйнага рашэння аб запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу яшчэ не прынята.
«Прынятае рашэнне працягнуць абмеркаванне гэтага пытання. Шмат што будзе залежаць ад таго, як будуць ацэньваць дзеянні беларускіх уладаў, у прыватнасці, пытанні захавання правоў чалавека, урады ўсіх краінаў Еўразвяза і еўрапейская грамадзянская супольнасць. Еўрапейцаў таксама цікавіць меркаванне дэмакратычных сілаў Беларусі аб працэсах, што адбываюцца ў краіне», — паведаміў Саннікаў.
Палітык таксама пазітыўна адзначыў той факт, што на канферэнцыі ў Таліне, як і на Брусэльскім форуме, што адбыўся нядаўна, пройдзе секцыя па Беларусі.
Нагадаем, 28 сакавіка «Радыё Свабода» паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка запрошаны на саміт Усходняга партнёрства ў Прагу. Паводле паведамлення радыё, у адпаведнасці з негалоснай дамовай запрашэнне на саміт ЕЗ будзе перададзена Лукашэнку, але ён асабіста ў Прагу 7 траўня не з’явіцца, а замест сябе дашле міністра замежных справаў ці якога-небудзь іншага чыноўніка.
Хартыя’97