Улады Беларусі адмовілі ў візе Хрыстасу Пургурыдэсу

06/11/2009

Запрошаны на Беларускі Еўрапейскі Форум дэпутат ПАРЕ Хрыстос Пургурыдэс не зможа прыехаць у Беларусь.

Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ з кіраўніком місіі Беларусі пры Радзе Еўропы Андрэем Бушылам было заяўлена, што беларускія ўлады не дазволяць Хрыстосу Пургурыдэсу прыехаць у Беларусь. Прадстаўнік беларускага ўраду даў зразумець, што вядомы дэпутат кіпрскага парламенту не атрымае візу ні ў беларускім консульстве ў Парыжы, ні ў мінскім аэрапорце.

Хрыстос Пургурыдэс у 2004 годзе быў спецдакладчыкам ПАРЕ па Беларусі і займаўся расследаваннем палітычных знікненняў. Ягоныя даклады пра зніклых людзей у Беларусі, а пазней – пра злоўжыванні ў сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі, атрымалі вялікі міжнародны розглас і падвысілі ўвагу да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Зараз дэпутат кіпрскага парламенту Хрыстос Пургурыдэс з’яўляецца першым намеснікам Старшыні Камітэту ПАРЕ па юрыдычных справах і правах чалавека.

На дадзены момант аргкамітэт не атрымаў ад уладаў інфармацыі пра станоўчае вырашэнне пытання з арэндай буйной сталічнай залі. Удзельнікі паседжання прынялі рашэнне не адмаўляцца ад правядзення мерапрыемства 14 лістапада і не пераносіць яго. Сябры аргкамітэта выказаліся за тое, каб у выпадку адсутнасці памяшкання ладзіць мерапрыемства у вулічным фармаце. Паводле Юрася Губарэвіча, пакуль што адусюль паступілі адмовы. Чакаецца адказ ад Мінгарвыканкама, куды ліст быў накіраваны больш за месяц таму.

Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, правёўшы незалежнае расследаванне абставінаў знікнення ў Беларусі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага ў дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў, што да гвалтоўных знікненняў у Беларусі датычны беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу.

У выніку ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала Беларусь дапытаць названых у дакладзе падазроных і правесці адкрытае расследаванне выпадкаў знікненняў. Але ўлады Беларусі дагэтуль ігнаруюць патрабаванні ПАРЕ. Пра лёсы гвалтоўна зніклых апазіцыянераў па сённяшні дзень нічога не вядома.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.