Сёньня Міхаілу Марынічу спаўняецца 66 гадоў

13/01/2006

Свой дзень нараджэньня вядомы палітык сустрэне ў менскай калёніі. Ён сьцьвярджае, што патрапіў туды за апазыцыйную дзейнасьць.

Беларускі закон ня робіць ніякіх паслабленьняў рэжыму для вязьняў у дзень іх нараджэньня. Ані падмацаваньня ў харчаваньні, ані вызваленьня ад працы тым, хто заняты на нейкіх работах. Але часам прыемныя для вязьня падзеі супадаюць з днём нараджэньня, і менавіта гэтага прыемнага супадзеньня чакае сёньня Міхаіл Марыніч. Да яго на сустрэчу прыйдуць сыны Ігар і Павал, а потым на доўгатэрміновае спатканьне застанецца жонка Тацьцяна. Напярэдадні Ігар Марыніч распавёў мне, як яны зьбіраюцца павіншаваць бацьку са сьвятам.

(Ігар Марыніч: ) «Туды ж ня кожны падарунак пранесьці можна. Хацелася б яму сур’ёзную кнігу падараваць, але могуць не прапусьціць. Таму мы ў разгубленасьці. Відаць, купім торцік. Для яго галоўнае, мяркую, не матэрыяльныя нейкія падарункі, а магчымасьць пабачыцца, паразмаўляць. Перададзім віншаваньні ад сваякоў і сяброў, пакажам фотаздымкі ўнукаў».

Міхаіл Марыніч другі раз будзе сьвяткаваць дзень нараджэньня за кратамі: мінулым годам — у менскім сьледчым ізалятары, цяпер — у калёніі на сталічнай вуліцы Кальварыйскай. Некалькі гадоў за гэтымі ж сьценамі адсядзеў вядомы апазыцыянэр, былы дэпутат Андрэй Клімаў. Цяпер спадар Клімаў адбывае «хімію» ў Крупках Менскай вобласьці, але тэлефонную сувязь зь ім падтрымліваць магчыма. Я спытаў Андрэя Клімава, як яму даводзілася адзначаць дзень нараджэньня ў калёніі на Кальварыйскай.

(Клімаў: ) «З сябрамі шакалядку зьелі, гарбаты папілі, мне падарылі паштоўку, вось і ўсё. А яшчэ на дзень нараджэньня ў турму мне жонка перадавала курыцу фаршыраваную. Для Клімава прапускалі».

Андрэй Клімаў перадаў свае віншаваньні Міхаілу Марынічу з днём нараджэньня і пажаданьні здароўя. А таксама — перамогі на выбарах таго кандыдата, за якога прагаласаваў бы Міхаіл Марыніч, каб быў на волі.

Паводле беларускіх законаў, асуджаныя ня маюць права ўдзелу ў выбарах, пакуль зь іх ня зьнятае пакараньне. Два гады таму да арышту Міхаіл Марыніч заяўляў пра свой удзел у прэзыдэнцкім маратоне 2006 году. Ягоныя сыны кажуць, што сёньня падчас сустрэчы паспрабуюць высьветліць меркаваньне бацькі пра ход перадвыбарчай кампаніі.