Эўразьвяз дадасьць у сьпіс неўязных тых, хто зьвязаны з прысудам Казуліну

22/09/2006

Дэпутат Эўрапарлямэнту, сябра Дэлегацыі парлямэнту ў справах дачыненьняў зь Беларусьсю, прафэсар Барбара Кудрыцка пацьвердзіла для нашага радыё інфармацыю аб тым, што сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, будзе ў бліжэйшым часе пашыраны.

(Кудрыцка: ) «Візавыя абмежаваньні Эўразьвяз хоча пашырыць на 4 асобы. Хаця дакладныя прозьвішчы пакуль невядомыя, гэта напэўна будуць людзі, зьвязаныя з выракам у справе Аляксандра Казуліна – яго пасадзілі толькі за тое, што ён знаходзіцца ў апазыцыі да цяперашняга беларускага прэзыдэнта. Цяпер гэтае пытаньне ўзгадняецца з усімі краінамі Эўрапейскага зьвязу. Рашэньне павінна быць прынятае хутка — ня думаю, што пазьней чым праз два — тры тыдні».

 

Радыё Свабода