Еўрапейскія музыканты падтрымалі Беларусь

17/10/2006

15 кастрычніка толькі на некалькі гадзін у Менск прыляцелі тры выдатныя еўрапейскія музыкі і прамоўтэры: немец Фларыян Келлер, брытанец Роберт Луіс і ірландец Майкл Донах`ю. З`яўленне ў Беларусі музыкаў такога ўзроўня — беспрэцэндэнтны выпадак, асабліва ўлічваючы той факт, што мэтай іх прыезду стала маральная падтрымка беларускіх незалежных музыкаў і выяўленне салідарнасці з Беларуссю.

Напярэдадні Дня салідарнасці, які праводзіцца ў Беларусі і за мяжой у 16 дзень кожнага месяца, музыкі сустрэліся з беларускім калегамі — прадстаўнікамі незалежнай беларускай сцэны, а таксама з сваякамі і сябрамі палітвязняў і зніклых беларускіх палітыкаў.

Роберт Луіс, кіраўнік аднаго з вядучых джаз-фанкавых лэйблаў Брытаніі — Tru Thoughts —– на пытанне аб тым, чаму ён прыехаў у Беларусь адказаў: «Музыка — мастацтва, якое змяняе свядомасць, і таму большасць музыкаў — гэта грамадска актыўныя людзі. Выступаючы ў Брытаніі, практычна са ўсіх выступаў мы пералічваем частку ганарараў у фонд Amnesty International, у Чырвоны крыж, у дзіцячыя фонды. Я ведаю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і не магу заставацца абыякавым да гэтага. Адразу пасля вяртання дахаты я займуся арганізацыяй выступаў у падтрымку Беларусі».

Пасля гутаркі з дачкой выкрадзенага грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, Валерыяй, адзін з вядучых funk дзі-джэяў Фларыян Келлер, сказаў: «Калі сустракаешся з беларусамі і чуеш рэальныя гісторыі аб тым, што адбываецца ў вашай краіне, цябе не пакідае пачуццё ірэальнасці. Немагчыма паверыць у тое, што гэта адбываецца ў Еўропе».

Еўрапейскія зоркі сустракаліся з беларускімі незалежнымі музыкантамі, якім выказалі словы падтрымкі. «Сёння для нас вельмі важна адчуваць салідарнасць калегаў з іншых краін. Вядома, цяжка растлумачыць людзям, якія жывуць у цывілізаваным свеце, што ў пачатку XXI стагоддзя для музыкаў зачыненыя эфіры радыёстанцый і тэлеканалаў. Але мы павінны прайсці гэты шлях, а падтрымка такіх музыкаў пераконвае нас у тым, што мы ідзем у правільным накірунку», — падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з еўрапейскімі калегамі лідэр беларускай групы «Крама» Ігар Варашкевіч.

У ноч з 15 на 16 кастрычніка музыкі выступілі на сцэне аднаго з менскіх клубаў, дзе кожны з іх адыграў гадзінны сэт. Клуб ледзь змясціў жадаючых наведаць канцэрт — пачуць еўрапейскіх музыкаў прыйшлі некалькі сотняў беларусаў. «Музыкі здолелі стварыць атмасферу, якая схіляла ўсіх да абсалютнага душэўнага камфорту і на нейкі момант нам здалося, што мы былі не ў таталітарным Менску, а ў камфортным Лондане», — гаворыць адзін з арганізатараў канцэрту Мікалай Халезін.

На адной сцэне з еўрапейскімі зоркамі выступілі беларускія музыкі Лаўр DJ Laurel Бержанін і Святлана Сугака, якія прэзентавалі свой сумесны, беспрэцэндэнтны для Беларусі, праект. Святлана, у суправаджэнні Лаўра Бержаніна, выканала чатыры кампазіцыі, тры з якіх — на словы беларускіх паэтаў, а адна — англамоўная — створаная на аснове тэксту культавай прамовы амерыканскага грамадскага дзеяча Марціна Лютэра Кінга I Have a Dream.

«Фанк – гэта музыка свабодных людзей, менавіта музыкі фанку калісьці адмовіліся ад музычных стэрэатыпаў. І калі раней са свабодай асацыяваліся рок-музыкі, то сёння ў культурным супраціве знаходзяцца і фанк-музыкі», — гаворыць Лаўр Бержанін.

Візіт еўрапейскіх музыкаў у Менск быў арганізаваны лэйблам Sounddiving Group і «Свабодным тэатрам» у рамках праекту «World Musicians for Solidarity with Belarus».

Даведка:

Florian Keller / Germany
Адзін з вядучых funk & rare groove дзі-джэяў у свеце. Келлер уваходзіць у кангламерат сусветных лідэраў фанк-сцэны. Адны з лепшых у свеце кампіляцый — Party Keller vol.1-2 — выдадзеныя на самым буйным і перадавым музычным лэйбле Нямеччыны — Compost Records. У 1991 годзе Keller і яго сябры Michael Reinboth, а таксама вядучы мюнхенскі меламан Theo Thoennessen, заснавалі ў Еўропе культавы музычны рух — Eclectic Freestyle, які атрымаў назву Into Something. Into Something стала тым рухам, у рамках якога свае першыя сэты і канцэрты ў Еўропе давалі такія гранды незалежнай танцавальнай сцэны як Dj Shadow, Unkle, 4 Hero, Kruder&Dorfmeister, Gilles Peterson etc.

Robert Luis / UK
Кіраўнік аднаго з вядучых джаз-фанкавых лэйблаў у Брытаніі — Tru Thoughts. На самай прыстыжнай Брытанскай музычнай цырымоніі BBC Radio One Music Awards быў прызнаны «Лэйблам 2005 года». У склад Tru Thoughts уваходзяць такія сусветна вядомыя фанк-групы, як брытанкая The Quantic Soul Orchestra, аўстралійская група The Bamboos, а таксама музыкі Alise Russel & TM Juke, Bonobo & Treva Whateva, Quantic & Mr.Scruff etc.

T-woc aka Michael Donohoe / Ireland
Michael калекцыянуе пласцінкі funk, samba, hip-hop и reggae больш за 10 гадоў. З`яўляючыся нумарам адзін у Ірландыі дадзеных жанраў, дзі-джэй нядаўна гастраляваў па краіне ў падтрымку Мad Professor и Eek A Mouse, у дадзены момант рыхтуе да выхаду альбом, у якім прымуць удзел вядучы MC — Brother Culture з Брыкстана, і вядомы японскі вакаліст Katsumi. Mick знаходзіць час на вылучэнне мультымедыйных і міжнародных незалежных музычных праектаў, з`яўляючыся аднім з заснавальнікаў вядомага прома-агенцтва ў Ірландыі — Alphabet Set.

Dj Laurel
Dj Laurel першым у Беларусі стаў паказваць Eclectic Freestyle і яго акустычны бок у такіх кірунках як Nu-Jazz, Jazz Beats&Breaks, Afro-Brazilian Grooves, Rare Funk & Soul. Dj Laurel (Лаўр Бержанін) на працягу сваёй кар`еры зарабіў рэпутацыю самага паслядоўнага і інтэлектуальнага дзі-джэя Беларусі. На сённяшні дзень Лаўр афіцыйны прадстаўнік і дыстрыбутар у Беларусі самога буйнага незалежнага лэйбла кантынентальнай Еўропы — Compost Records, а таксама партнёр брытанскага Tru Thoughts і вядучага берлінскага Sonar Kollektiv.

Святлана Сугака
Святлана Сугака — экс-вакалістка групы «Тарпач», пераможца конкурсу «Басовішча-2005». Уладальніца самой магутнай жаночай вакальнай атакі на беларускай незалежнай сцэне.

 

Хартия-97