«Наша Украіна» заяўляе аб недапушчальнасці палітычных пераследаў у Беларусі

28/10/2006

Прэзідыўм Савета палітычнай партыі «Наша Украіна» заяўляе аб недапушчальнасці палітычных пераследаў прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі, асабліва моладзі, якая падчас выбарчай кампаніі 2006 года прадэманстравала высокае палітычнае ўсведамленне і адказнасць за лёс дзяржавы.

Як гаворыцца ў заяўленні прэзідыўма Савета НСНУ, «хваля рэпрэсій дакранулася да тых, хто пратэставаў супраць аўтарытарызму і парушэння правоў і свабод чалавека ў Беларусі. Сёння больш дзесяці вядучых палітыкаў гэтай краіны пазбаўленыя свабоды з-за сваёй грамадскай і грамадзянскай пазіцыі. Сярод іх: экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр КАЗУЛІН, які пачаў бестэрміновую галадоўку ў калоніі пад Віцебскам з мэтай прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці, палітыкі Мікалай СТАТКЕВІЧ, Андрэй КЛІМАЎ, моладзевыя лідэры Павел СЕВЯРЫНЕЦ, Артур ФІНЬКЕВІЧ і іншыя. 30 кастрычніка пачнецца судовы працэс над лідэрам моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Зміцерам Дашкевічам, якому інкрымінуюць «членства і лідэрства ў незарэгістраванай арганізацыі».

Акрамя таго, па краіне пракацілася хваля шматлікіх допытаў сотняў маладых людзей, ганенне іх з боку КДБ і Генеральнай пракуратуры, выключэнне з вну. Такія метады ўплыву ўлады Беларусі на грамадскую думку з`яўляюцца ўзорам палітыкі сілы і ізаляцыі, якая яшчэ больш аддаляе краіну ад сусветнай садружнасці, згубна адлюстроўваецца на сацыяльна-эканамічным развіцці.

«Наша Украіна» адзначае, што такія адносіны да грамадзянаў краіны, да іх законнага права на свабоду думкі і волевыяўлення супярэчаць дэмакратычным нормам. Мы патрабуем, каб беларуская ўлада перайшла да канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй, паважала правы і свабоды чалавека, спыніла палітычнае паляванне на іншадумцаў і вызваліла ўсіх палітычных вязняў Беларусі».

 

Хартия-97