Дзяды ў Лошыцкім яры

09/11/2009

У нядзелю 8 лістапада ў Мінску адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання памяці расстраляных сталіністамі ў Лошыцкім яры нявінных людзей.

Арганізатарам выступіла Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ. На месцы збору каля Палаца культуры Камвольнага камбіната ў вызначаны час сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, траціну якіх склала моладзь. Людзі прынеслі на акцыю кветкі, знічы, нацыянальныя і партыйныя сцягі, а таксама традыцыйную расцяжку з надпісам «Дзяды». І хоць пачатак шэсця быў запланаваны на 12-ю, шэсце ўсё не пачыналася. Гэта падабалася не ўсім. «Што вы тут дзелаеце, сейчас міліцыю пазаву!» — выбегла на прыступкі Дома культуры вахцёрка. «Цётачка, міліцыя тут, далёка не бяжыце!» — пажартаваў нехта з натоўпу. Міліцыя ж, распачаўшы з мінулатыднёвага шэсця ў Курапаты акцыю нечуванай ветлівасці, не здрадзіла добрай традыцыі і гэтым разам. У адрозненне ад мінулых гадоў амаль не было відно пераапранутых у цывільнае «атлетаў» з дратамі ў вушах. Міліцэйскія кіраўнікі ветліва ўзгаднялі маршрут з арганізатарамі. Затое не бракавала аператараў спецслужбаў — іх без перабольшвання было па адным на кожную пяцёрку ўдзельнікаў шэсця. З аператарскай браціі вылучалася дзяўчына-аператарка ў блакітных боціках. Людзі жартавалі, што гэта адмысловы крок для ўзняцця настрою і стварэння пазітыўнага вобразу супрацоўніка міліцыі.

Заспяваўшы «Магутны Божа», шэсце з паўгадзінным спазненнем рушыла ў бок крыжа. Традыцыйны маршрут, дзякуючы рамонтным працам на мосце перад Лошыцкім ярам, быў зменены. Адрэзак шляху дэманстранты прайшлі па паласе праезнай частцы. Сцягі і кветкі, а таксама патрульнае аўто з ўключаным праблісковым маячком нават нешматлюднаму шэсцю надавала ўрачыстасці. Калона выклікала вялікую цікавасць у мінакоў і пасажыраў грамадскага транспарту. Хто-ніхто з кіроўцаў сігналіў.

Сабраўшыся каля крыжа, удзельнікі жалобнай акцыі зладзілі мітынг. Арганізатары падзякавалі ўсім, хто не пашкадаваў свой выходны, каб прыйсці ў Лошыцу да крыжа ў памяць нявінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.