Суд апраўдаў Андрэя Бандарэнку, які адбыў два гады турмы

22/03/2011

Менскі гарадзкі суд вынес апраўдальны прысуд прадпрымальніку, сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэю Бандарэнку. Па абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах ён адбыў два гады турмы. Зараз суд прызнаў адсутнасьць складу злачынства, і Андрэй Бандарэнка быў вызвалены з-пад варты.

У судовую залю Андрэя Бандарэнку даставілі пад узмоцненай аховай і забаранілі здымаць яго за кратамі. Таму прысуд асабліва кантраставаў з напружанай атмасфэрай у залі: прызнаць невінаватым з прычыны адсутнасьці складу злачынства і вызваліць з-пад варты ў залі суду. Першае інтэрвію на волі Андрэй Бандарэнка даў для Радыё Свабода ў дзьвярах судовай залі:

Карэспандэнтка: "Якія зараз пачуцьці перажываеце?"

"Гэта нельга перадаць словамі… Калі мяне "закрылі", то маёй дачцэ было 7 месяцаў, а зараз яна ходзіць. Гэта нельга перадаць словамі… Вельмі шмат прайшло часу, шмат перажыта, шмат на якія рэчы гляджу па-іншаму. І вялікая ўдзячнасьць усім тым, хто падтрымліваў мяне — у тым ліку Радыё Свабода. Вашая падтрымка вельмі шмат дапамагла, вельмі шмат дапамагла, вельмі шмат для мяне зрабіла. Занадта шмат накапілася за два гады, але тое, што мы гаварылі першапачаткова пра незаконнасьць і беспадстаўнасьць прысуду, то ў выніку яно знайшло адлюстраваньне ў сёньняшнім прысудзе".

Дачка Андрэя Бандарэнкі — двухгадовая Маша на руках у таты апынулася празь некалькі хвілін. А сваякі і родныя ледзь стрымлівалі сьлёзы радасьці. Гаворыць бацька Андрэя Валер Бандарэнка:

"Вельмі рад, канечне. Ня верылася, што пасьля гэтулькіх пакутаў… пачуць, што "невінаваты" — няма слоў проста. Гэтае бязьмежжа скончылася. Дзякую ўсім, хто падтрымліваў — Анатолю Лябедзьку, Аляксандру Дабравольскаму, Валянціне Палевіковай — хто спрыяў — усім, усім".

Падтрымаць Андрэя Бандарэнку ў суд прыйшлі таксама ягоныя паплечнікі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Адна зь іх, Ганна Красуліна, гэтак пракамэнтавала апраўдальны прысуд:

"Мы верылі ў вызваленьне, бо ягоная вінаватасьць не была даказаная. Але праблема ў тым, што ў нашай краіне і паводле недаказанай віны выносяцца абвінаваўчыя прысуды. І ў гэтым выпадку чалавек амаль два гады правёў у турме, пакуль пачуў, што не вінаваты — апраўдаць, прызнаць невінаватым, вызваліць. Вельмі радыя".

У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, спрабаваў аспрэчыць вынікі галасаваньня, а ў выніку апынуўся за кратамі. Абвінаваціўшы ў крадзяжы і махлярстве, яго асудзілі на 6 гадоў, і перш чым прызналі невінаватым, Андрэй Бандарэнка адбыў два гады турмы.