МЗС лічыць беларусаў дастаткова абароненымі ад гвалтоўных знікненняў

28/04/2012

Міністэрства замежных справаў лічыць, што Беларусі няма неабходнасці далучацца да Міжнароднай канвенцыі па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, паколькі яе палажэнні рэалізаваны ў заканадаўстве РБ – крадзёж людзей адносіцца да катэгорыі злачынстваў супраць чалавецтва і прадугледжвае крымінальную адказнасць недапушчальнасць вызвалення ад адказнасці альбо пакараня ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. МЗС адзначае таксама, што крымінальнае заканадаўства РБ і практыка яго прымянення таксама базуецца на строгім захоўванні гарантыі абароны ад крадзяжу людзей, за якім наступае іх знікненне.

Такая пазіцыя МЗС выкладзена ў адказе на зварот, якія дасылалі Святлана Завадская, Сяргей Бахун і праваабаронца Раман Кісляк. Пры гэтым яны звярталіся ў Савет міністраў з прапановай падпісаць і ўнесці ў парламент на ратыфікацыю дадзеную Канвенцыю, таму, канешне, не задаволены такім адказам.

Па словах юрыста – праваабаронцы Рамана Кісляка, МЗС РБ і іншыя дзяржаўныя органы проста не разумеюць сутнасці справы. Названыя ў адказе крымінальныя артыкулы прадугледжваюць пакаранне за крадзёж чалавека, а не за гвалтоўнае знікненне. Згодна з азначэннем Канвенцыі, гвалтоўным знікненнем лічыцца арышт, затрыманне, крадзёж альбо пазбаўленне свабоды ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы альбо асобамі, альбо групай асобаў, якія дзейнічаюць з дазволу, пры падтрымцы альбо са згоды дзяржавы пры далейшай адмове прызнаць факт пазбаўлення свабоды і сакрыцці лёсу і месцазнаходжання зніклай асобы. У выніку гэтая асоба застаецца без абароны закона. Гвалтоўнае знікненне – гэта заўсёды дзеянні прадстаўнікоў дзяржавы або інышх асобаў пры падтрымцы ўлады. Больш таго, каб здзейсніць гвалтоўнае знікненне, неабавязкова красці чалавека: калі адбываецца затрыманне, а пасля гэтага месца знаходжанне затрыманага замоўчваецца – гэта таксама гвалтоўнае знікненне.

У Канвенцыі ёсць механізмы, аналагаў якім няма ў беларускім заканадаўстве. Гэта, напрыклад, механізм, які прадухіляе стварэнне ў Беларусі сакрэтных турмаў, абавязвае праваахоўныя органы весці спісы ўсіх затрыманых. Усё гэта прадухіляе як гвалтоўныя знікненні, так і іншыя супрацьпраўныя дзеянні праваахоўных органаў. Таксама створаны шэраг механізмаў міжнароднага кантролю для прадухілення гвалтоўных знікненняў.

Заяўнікі працягнуць інфармаваць МЗС РБ і іншыя дзяржаўныя органы аб сутнасці зместу Канвенцыі і аб неабходнасці далучэння да яе.

 

ПЦ “Вясна”