У Менску прайшла вечарына памяці Дзмітрыя Завадскага

21 мая ў сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына памяці сябра ГА “БАЖ”, аператара расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрыя Завадскага. У імпрэзе ўзялі ўдзел маці і жонка журналіста, ягоныя калегі, палітыкі, прадстаўнікі грамадскасці. Мерапрыемства ладзілася ў межах кампаніі “Мы не забудзем!”, паведамляе baj.by

Арганізатары – аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – нагадалі прысутным, што сёлета спаўняецца трынаццаць год з моманту выкрадання Дзмітрыя невядомымі асобамі, і столькі ж часу ўлады ігнаруюць заклікі сваякоў журналіста, праваабаронцаў, міжнароднай супольнасці аб правядзенні сапраўднага расследвання і пакарання злачынцаў, якія спрычыніліся да выкрадання гэтага чалавека.

У 2015 годзе, згодна з дзеючым заканадаўствам, справа аб выкраданні Дзмітрыя Завадскага можа быць спісаная ў архіў. Таму арганізатары вечарыны заклікалі журналістаў пісаць пра справы зніклых Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі, якія не падзяляюць, а аб’ядноўваць неабыякавых людзей.

Жонка зніклага журналіста Святлана Завадская падзякавала ўсім, хто прыйшоў на вечарыну, тым, хто ўсе гэтыя гады быў побач з сям’ёй Завадскіх, хто выходзіў на вулічныя акцыі з патрэтамі Дзмітрыя і астатніх зніклых.

“13 год – гэта даволі вялікі прамежак часу, і нам усім хацелася, каб ужо былі нейкія вынікі расследвання, але, на вялікі жаль, гэтых вынікаў няма… За гэтыя гады было шмат зроблена, накіроўваліся скаргі і хадайніцтвы ў праваахоўныя органы, было шмат сустрэчаў з палітыкамі і журналістамі, як замежнымі, так і айчыннымі. Але таго выніку, якога мы ўсе чакалі, няма. Справа Дзімы была прыпыненая яшчэ ў 2006-м годзе, і вось ужо сем год ні пракуроры, ні следчыя належна не працуюць над гэтай справай. Мы звярталіся і да міністра ўнутраных справаў, каб нам паведамілі, што зараз робіцца, але ў адказ атрымалі паперку ні аб чым. Няўжо ўладам не хапіла 13 год, каб давесці да нас хоць нейкую інфармацыю?” – зазначыла Святлана Завадская.

Вольга Рыгораўна Завадская, маці Дзмітрыя, прыгадала, як яе сын стаў журналістам, распавяла пра яго працу ў гарачых кропках, куды яго ў якасці аператара накіроўваў канал ОРТ, пра тое, як Дзіма цяжка перажываў страту магчымасці паўнавартасна працаваць у Беларусі.

“Для мяне асабіста і для ўсёй нашай сям’і вельмі цяжка думаць пра тое, што справа Дзімы ляжа на архіўныя паліцы. Страшна. Таму што такія злачынствы, як выкраданні людзей, у тым ліку і вядомых у Беларусі, не павінны быць пакінутыя па-за ўвагаю грамадскасці. Але тут прымешаная вялікая палітыка, і зрушыць гэтую справу з мёртвай кропкі пад сілу толькі нам. Але як гэта зрабіць? На які рычаг трэба націснуць, каб нямая салідарнасць пераўтварылася ў якуюсьці іскру, з якой пачаліся б нейкія пераўтварэнні? Так, у краіне ўсё зроблена такім чынам, што людзі баяцца сказаць сваё слова, выказаць сваю незадаволенасць. Нават тыя, хто пацярпеў, няхай і не ў такой ступені, як мы. Але кожны завязаны на працу, на кантракты, на выхаванне дзяцей, школы, дзіцячыя садкі. Канешне, кожная сям’я імкнецца абараніць свой дабрабыт. Страшна думаць, што нічога не адбудзецца. Павінна нешта адбыцца! Але ўсе нашы высілкі на сённяшні дзень зводзяцца да аднаго – не адпускаць гэтую тэму, гаварыць, напамінаць праз сродкі масавай інфармацыі, праз дзейнасць правааабронцаў, дэмакратычных палітыкаў”, – адзначыла Вольга Завадская.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька са шкадаваннем канстатаваў, што тэма зніклых беларускіх палітыкаў і журналіста амаль знікла з парадку дня еўрапейскіх структураў. Лідар АГП выступіў з ідэяй правядзення грамадскага трыбуналу па справах зніклых палітыкаў і Дзмітрыя Завадскага, балазе матэр’ялаў для такога трыбуналу больш чым дастаткова.

Журналістка Ірына Халіп мяркуе, што многія падзеі, якія адбыліся ўжо пасля трагічных выкраданняў, адсунулі іх на задні план. На думку журналісткі, тут спрацоўвае эфект кароткай памяці. Тым не менш, адзначыла Ірына, трэба падштурхоўваць сябе і як мага часцей вяртацца да тэмы зніклых не толькі палітыкам, але і журналістам. “Улады павінны ведаць, што мы не супакоімся да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра тыя выкраданні”, – адзначыла Ірына.

Наступнае мерапрыемства ў рамках кампаніі “Мы не забудзем!” адбудзецца 16 чэрвеня і будзе прысвечана памяці зніклага палітыка Віктара Ганчара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *