У Варшаве адбылася акцыя ў падтрымку Аляксандра Казуліна

28/10/2006

Каля дзясятка беларусаў, які працуюць у Польшчы, прыйшлі да будынку польскага парлямэнту зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, партрэтамі Аляксандра Казуліна і плякатамі з надпісамі «Свабоду палітвязьням!», «Дыктатар Лукашэнка — у турму!»

Удзельнікі пікету пакінулі ў канцылярыі Сэйму зварот, у якім просяць дэпутатаў «як мага хутчэй зьвярнуць увагу на галадоўку і выкарыстаць усе магчымыя мэтады для ўзьдзеяньня на ўлады Беларусі дзеля вызваленьня палітычных вязьняў».

(Крыштон: ) «Відаць, што ў Эўрапейскім зьвязе сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Мы лічым, што такія пікеты, акцыі, захады міжнароднай супольнасьці будуць мець уплыў на працэсы дэмакратызацыі Беларусі», — кажа адзін з арганізатараў акцыі Ігар Крыштон.

Ад гмаху парлямэнту прысутныя прайшлі да будынку Міністэрства замежных справаў Польшчы, куды таксама быў перададзены аналягічны зварот.

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода