Святлана Завадская: «10 гадоў таму думала: вось наш з Дзімам сын Юрый вырасце і будзе жыць у свабоднай Беларусі, але яму ўжо хутка 20…»

22/03/2011

Днямі ўдава гвалтоўна выкрадзенага амаль адзінаццаць гадоў таму тэлеаператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага расплакалася падчас прагляду старога фільма “Афіцэры”.

“Амаль сто разоў глядзела гэтае кіно і ніколі не плакала, а гэтым разам не вытрымала! — гаворыць Святлана. — Нават у тыя, вельмі няпростыя, часы былі сапраўдныя афіцэры, для якіх гонар і годнасць былі даражэй за ўсё. А цяпер…”

Літаральна тыдзень таму Святлана Завадская вымушана была дэтальна ўзгадаць гісторыю шасцігадовай даўніны пра тое, як яе ўдарыў супрацоўнік спецназа. Інцыдэнт здарыўся падчас акцыі, прысвечанай памяці яе мужа. Гэтыя кадры абляцелі амаль усе замежныя тэлеканалы.

І вось у сакавіку супрацоўнік спецназа — вельмі падобны на таго, які падняў руку на Святлану, — у судзе сведчыў аб тым, што… стаў ахвярай грамадзян, якія былі на Плошчы 19 снежня 2010 года.

— Я праглядала ў інтэрнэце інфармацыю пра суды над Арцёмам Брэусам, Іванам Гапонавым і Дмітрыем Мядзведзем і звярнула ўвагу на быццам бы знаёмае мне прозвішча аднаго з амапаўцаў, — распавяла Святлана Завадская “Народная Волі”. — У мяне аж сэрца ёкнула: няўжо адзін і той жа чалавек? І нават месца працы супадала! Журналісты ў судзе ўсё пазначалі на слых, таму, відаць, на розных сайтах былі розныя варыянты яго прозвішча — Далідовіч Ю.М. і Давыдовіч Ю.М. Я зазірнула ў свае старыя паперы — там напісана Давыдовіч Ю.М.

— Атрымліваецца, гэта той самы чалавек? І прыкладна раз у пяць гадоў ён трапляе пад раздачу мірных дэманстрантаў…

— Не думаю, што ў спецназе шмат супрацоўнікаў з аднолькавымі ініцыяламі і падобнымі прозвішчамі. І на гэты раз у яго не галава і не рука разбітыя, а менавіта губа. Можа, спецыяльна, каб не пераблытаць?

Я нават шкадую, што да пачатку суда не патэлефанавала журналістам і не падзялілася сваімі падазрэннямі наконт таго, што гэта, можа быць, той самы амапавец, які ўдарыў мяне. Можа, тады на яго звярнулі б больш пільную увагу, у тым ліку і на тое, як правільна пішацца ягонае прозвішча, дзе жыве. Тым больш з тых, каго я бачыла на фотаздымках з суда, адзін з амапаўцаў сапраўды падобны на таго, што мяне ўдарыў.

Не разумею: калі гэта адзін і той жа чалавек, што ён дагэтуль робіць у спецназе? Жанчына пабіла, маладыя хлопцы тумакоў надавалі, дык што ты робіш у, так бы мовіць, элітным спецпадраздзяленні?!

І не сорамна ж у судзе казаць пра тое, што па твары атрымаў! Я лічу так: амапаўцаў, якіх збіваюць бяззбройныя людзі падчас мірнай акцыі, трэба звальняць са спецназа за прафесійную непрыгоднасць! Бо гэта ж стыдоба, а не мужыкі!

— Святлана, шэсць гадоў таму, калі не памыляюся, ты зняла пабоі і звярнулася ў суд…

— Так. Я вось літаральна ўчора чытала паперы па пракурорскай праверцы, якія мне даслалі. Як вынікае з афіцыйных папераў, я самая натуральная бандытка. Кулаком па шыі, у губу аднаму, другому… Там напісана, што я ажыццявіла супраць супрацоўнікаў спецназа проціпраўныя дзеянні. І той жа Давыдовіч нібыта зрабіў мне заўвагу: “Жанчына, што вы робіце!” Там проста хлусня на хлусні! Мяне ж яшчэ і абвінавацілі! Але самае смешнае, што на відэакадрах бачна: калі амапаўца, якога я быццам бы збіла, выводзяць з натоўпу, ён паварочваецца, і ў яго нармальная, без крыві, губа.

Потым было рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска, а далей па інстанцыях я звяртацца не стала.

— Чаму?

— Якраз у той перыяд мне вельмі настойліва пачалі тэлефанаваць і дахаты, і на мабільнік (прычым на мабільніку кожны раз высвечваліся нумары таксафонаў, якія знаходзяцца ў розных месцах Мінска). Гэта быў псіхалагічны ціск. Маўчалі ў трубку. Мяне гэтыя званкі выводзілі з раўнавагі. Я нават перастала здымаць слухаўку хатняга тэлефона. І блізкія мне тады сказалі: маўляў, усё роўна нічога не даб’ешся, навошта табе гэты суд, хочаш, каб дзіця сіратой засталося?..

Днямі маці былога спецназаўца Максіма Маліка, які разам з Валерыем Ігнатовічам асуджаны на пажыццёвае пакаранне за выкраданне Дзмітрыя Завадскага, пасля нядаўняга спаткання з сынам у інтэрв’ю Радыё “Рацыя” выказала меркаванне, што следства дакладна ведала, дзе пахаваны Дзмітрый Завадскі.

— Шчыра кажучы, я не здзівілася, калі пра гэта прачытала, — каменціруе Святлана Завадская. — У матэрыялах справы было напісана, што меркаваны квадрат пошуку захавання цела Дзмітрыя — “могілкі і прылягаючы да іх заліўны луг”. І тэхніку па вышуку трупаў, наколькі я разумею, заказвалі пад пэўнае месца пошуку.

— А цяпер справа Завадскага прыпынена?

— Так. З красавіка 2006 года.

— А які тэрмін даўніны па гэтай справе?

— Калі не памыляюся, 25 гадоў. Хаця варта пацікавіцца гэтым пытаннем больш пільна. Бо першапачаткова справа была ўзбуджана па факце забойства, а па забойствах няма тэрмінаў даўніны. А потым была перакваліфікацыя на выкраданне і пазбаўленне волі. Дык вось я баюся, што пасля таго, як справу перакваліфікавалі, магчыма, змяніліся і тэрміны даўніны…

— Не крыўдна, што апошнім часам пра тэму зніклых амаль не нагадваюць?

— Андрэй Саннікаў быў адным з тых нямногіх, хто напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў засяроджваў увагу на лёсах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. А цяпер… Цяпер трэба думаць, як таму ж Саннікаву і іншым дапамагчы.

Я вельмі добра разумею сваякоў тых, хто цяпер за кратамі. І, падтрымліваючы бацькоў той жа Ірыны Халіп, калі яна яшчэ ў СІЗА КДБ знаходзілася, казала: “Няхай гэта і не вялікае заспакаенне, аднак вы хаця б ведаеце, што і Ірына, і Андрэй жывыя”. Я добра памятаю, што калі Дзіма толькі знік, я суткамі плакала і марыла толькі аб адным: няхай бы яго пасадзілі гадоў на дзесяць, але толькі б ён быў жывы!..

Але сёння я таксама сяджу і плачу, бо не ведаю, як можна рэальна дапамагчы тым, хто ў СІЗА ці пад хатнім арыштам. Ну, грошы сабралі, ну, рэчы і кветкі перадалі, а далей што? Асабіста я гатовая што заўгодна рабіць, каб толькі дапамагчы гэтым людзям…

— Якія твае прагнозы на будучыню?

— Нават і не ведаю. Цяжка прагназаваць дзеянні не зусім адэкватных палітыкаў. Дзесяць гадоў таму я думала: вось наш з Дзімам сын Юрый вырасце і будзе жыць у свабоднай краіне. Але Юры ўжо хутка 20…

Так што не вельмі аптымістычныя мае прагнозы… А можа, гэта і да лепшага. Хутчэй здзейсніцца тое, чаго ўжо і не чакаеш…

Дарэчы, мы калі гэты Новы год сустракалі, не глядзелі выступленне Лукашэнкі — проста выключылі тэлевізар. Вырашылі так: можа, калі без яго сустрэнем свята, то без яго і правядзём год…

— А што скажаш пра міжнародны ціск?

— Я ведаю толькі адно: усе дыктатарскія рэжымы паперкі з рэкамендацыямі розных міжнародных арганізацый накіроўваюць у сметніцу. На мой погляд, трэба даўно міжнародным арганізацыям, асабліва ААН, зрабіць усё магчымае, каб былі рэальныя рычагі ўплыву на такія рэжымы і іх пастановы насілі не толькі рэкамендацыйны характар, але і абавязвалі дзяржаву зрабіць тое ці іншае дзеля абароны правоў і свабод грамадзян. Вось зараз некаторыя патрабуюць стварыць міжнародную камісію па расследаванні падзей 19 снежня. Але такая камісія можа эфектыўна працаваць ў краіне толькі тады, калі будзе супрацоўнічаць з уладамі. А гэта немагчыма. Да таго ж, мы ўжо 11 год патрабуем стварэння такой камісіі па справах зніклых…

— Некаторыя аптымісты кажуць так: вось улада зменіцца і тады…

— Не факт. Вось канкрэтны ўкраінскі прыклад: справа Георгія Гангадзэ пры Віктары Юшчанку так і не завяршылася. Заказчык забойства ўсё роўна не сядзіць. Такія, як, напрыклад, наш Ігнатовіч, сядзяць, а самы галоўны — не. Таму я і кажу: не факт, што, калі зменіцца ўлада, усё стане на свае месцы.

Мне распавядалі, што Юшчанка прасіў, каб жонка Гангадзэ вярнулася ва Украіну. Такім чынам яна выказала б задаволенасць тым, што ён зрабіў, а Міраслава адказала: ніколі! Бо яна лічыць, што справа Гангадзэ да канца так і не даведзеная…

— Я часта ўзгадваю тваю фразу, сказаную шмат гадоў таму падчас адной з акцый, прысвечаных зніклым: “У мяне такое адчуванне, што ўлада зменіцца, а мы як сядзелі на гэтай плошчы, так і будзем сядзець…”

— Мне самой не хочацца ў гэта верыць…